Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны павіншавалі з надыходзячым Днём Перамогі
Сёння, 5 мая, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Мядзела завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Габрусенак, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Пруднікава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Танана. Прымалі гасцей Уладзімір Аляксандравіч Паршута, Андрэй Сцяпанавіч Каўрус, Міхаіл Гершэнавіч Гардон. Ім уручылі віншавальныя паштоўкі ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і старшыні раённага выканаўчага камітэта, падарункі, кветкі. Вядома, гучала шмат шчырых слоў і добрых пажаданняў. Мядзельскія работнікі культуры Аксана Вязевіч і Віктар Назаранка выканалі «Кацюшу» — падпявалі вядомай песне і ветэраны.
Напярэдадні Дня Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны нашага раёна прымалі віншаванні і падарункі ад грамадскіх арганізацый: раённага савета ветэранаў, раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, райкама БРСМ, раённай піянерскай арганізацыі, раённага таварыства інвалідаў. Да віншаванняў далучыліся ваенны камісарыят раёна і аддзел унутраных спраў райвыканкама.
Віншавалі ветэранаў дома, а Міхаіла Гершэнавіча Гардона — на рэпетыцыі народнага клуба аматараў песні «Верасень».